«ПІСЦО́ВАЯ КНІ́ГА ПІ́НСКАГА І КЛЕ́ЦКАГА КНЯ́СТВАЎ»
(«Писцовая книга Пинского и Клецкого княжеств, составленная пинским старостою Станиславом Хвальчевским в 1552—1555 гг.»),
дакументацыя валочнай памеры сярэдзіны 16 ст. ў Пінскім і Клецкім княствах каралевы польскай і вял. княгіні ВКЛ Боны, выдадзеная Віленскай археаграфічнай камісіяй у 1884. Арыгінальная назва кнігі, якая захоўвалася ў Віленскім цэнтр. архіве стараж. актаў — «Рэестр памеры зямель на валокі паветаў і таксама княстваў Пінскага, Клецкага...» (на польск. мове). Валочная памера праведзена па загадзе Боны старостам бел. уладанняў каралевы С.Хвальчэўскім і інш. ў Пінску, Моталі, Нобелі, Клецку, Сіняўцы, у велікакняжацкіх дварах і сёлах Пінскага і Клецкага княстваў (паветаў), Вядскай воласці. Пералічаны сял. гаспадаркі з пазначэннем прозвішчаў гаспадароў і памераў зямельных надзелаў. Асобна ў «Рэестры» вылучаны раздзелы з апісаннем замены некат. зямель правасл. і каталіцкіх святароў і шляхты на гаспадарскія землі, праведзенай для ліквідацыі цераспалосіцы. Выданне забяспечана прадмовай К.І.Сніткі, дзе дадзена характарыстыка помніка і валочнай памеры ў ВКЛ.
В.С.Пазднякоў.
т. 12, с. 389
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)